Среда, 18 Июня 2025

Пра тое, як у клуб “Эпалет” завітаў лепшы гурт 2012 года, пра жарты ў грымёрцы і беларускамоўнага АМАПаўца. 

Пляцоўка “Афіцэраў”, якая перамясцілася ў памяшканне “Эпалета”, абрастала гасцямі. Маладыя людзі стаялі на вуліцы, тоўпіліся на ўваходзе. Хтосьці купляў квіткі, хтосьці паказваў ахоўнікам ужо набытыя. Дзве юныя дзяўчынкі расхвальвалі Akute: “Яны такія клёвыя!”, “Ды я марыла пабываць на іх канцэрце пасля “Вышэй за неба”. Чарга прасоўвалася наперад.

  Да канцэрту мы зайшлі ў грымёрку да музыкаў. Стас Мытнік (вакал, гітара) распавёў пра ўтульныя ўражанні ад горада і падобнасць Гародні да Пінска. Аднак, высветлілася, што музыка да гэтага дня не ведаў ні пра адзін гарадзенскі музычны гурт. Раптам з’явіўся Раман Жыгараў (бас-гітара). Як заўсёды, у акулярах. І, ці то гульня свету, ці то вочы пад акулярамі насамрэч загадкава танчылі.  

 Ён крыху распавёў пра ўдзел Akute у праекце «Вышэй за неба»: “Трапілі на праект мы, па-чэснаку, як і астатнія гурты праз ўдзел у адборы. На творчасці нашай гэта амаль ніяк не адбілася, але мы папрысутнічалі на здымачнай пляцоўцы і сталі трошку болей знакамітымі.” На пытанне мовы песняў Раман адказаў з жартам: “Гэта апошні дзень, калі мы спяваем па-беларуску. Далей будзем спяваць… па-фінску.Тра-тата-та-та-та”. Музыкі засмяяліся. Відаць, задзяўбала іх гэтае пытанне. 

 Тым часам канцык пачаўся. Спачатку гралі “Прощай, привычка». Гралі як заўсёды моцна і драйвова, прымушаючы людзей танчыць. Пасля невялічкай наладкі інструментаў з’явіліся і Akute. “Прывітанне, сябры. Нарэшце мы і да вас даехалі!”, — павітаўся Стас, і гурт зайграў знакамітую “Кроў бы вада”. Дзяўчаткі запішчалі і запляскалі ў далоні.

 Незвычайным для “афіцэрскіх” канцыкаў было з’яўленне на пляцоўцы двух АМАПаўцаў. Нам пашчасціла паразмаўляць з адным з іх ;) Цікава, што малады мужчына адказваў нам (відаць, не паверыў, што журналісты) на даволі правільнай беларускай мове: з усімі “дзякуй” і “калі ласка”.

 – Што вы тут робіце? Вас цікавіць гурт Akute?

- Канешне, цікавіць.

- А якія песні ведаеце?

- Вось, “Шчасце” ведаю, – усміхнуўся мужчына, узгадваючы песню, якую толькі што аб’явілі музыкі.

- А чаму не танчыце?

- Я б танчыў, але я на працы, – выкруціўся ён.

Пра тое, купляў ён квіток ці прайшоў па акрэдытацыі, мы, на жаль, запытацца не паспелі.

Канцык падыходзіў да заканчэння. Пасля апошняй песні музыкі сыгралі ў другі раз “Іголкі” на біс, падзякавалі ўсім і сышлі. Самыя адданыя прыхільнікі(цы) засталіся чакаць аўтографы.

 Пасля канцэрту я звярнулася да Рамана з пытаннем, якое параіў задаць стары знаёмы:

-          Akute зараз надта аблашчаны і крытыкамі, і публікай. Вы збіраеце поўныя залы і прэміі. А што вы самі пра гэта думаеце? Няма адчування таго, што вы ўжо дасягнулі вяршыні? А што далей?

-           Мы ўжо пачалі працу над новымі трэкамі, таму гэта яшчэ далёка не канец. Ну, а прэміі… мы ж не самі іх сабе ўручаем. Мы робім сваю справу, крытыкі – сваю.

Птушка
Фота Яўген Кандратовіч