Воскресенье, 22 Июня 2025

17 сакавіка днепрапятроўскі паэт Дзіма Птицами ўпершыню наведаў наш горад. На сустрэчу сабраліся як наіўныя дзяўчаткі, так і свядомыя хлопцы. Паэт пачуваўся не вельмі добра, змучаны пераездамі і нядужаннямі, але быў гатовы чытаць. “Давайце зладзім сяброўскі вечар!” – сказаў ён. Вядома, прысутныя былі не супраць.

Яшчэ напачатку сустрэчы паэт заахвоціў задаваць любыя пытанні. Акрамя тых, якія датычацца яго псеўданіма Птицами. Пра гэта, па яго словах, ведаюць толькі самыя блізкія людзі. “Чытаць я буду доўга”, – сказаў Дзіма. Многія былі гэтаму толькі рады.

“Соплі, соплі…” – прыгаворвае Птицами, выбіраючы вершы для чытання. Як кажа сам паэт, лірыка яго падзяляецца на пэўныя этапы. І калі раней ён разважаў пра каханне на адлегласці ў вершах кшталту “Мне до тебя”, то зараз ён хоча страваць новыя, сур’ёзныя вершы, такія як “Гражданин Вы”.

Як замежнік, Дзіма крыху паразважаў пра беларускую ментальнасць: “Людзей у вас дручаць, як трэба. У кожным горадзе, дзе я быў, на мае спробы проста перайсці дарогу не па пераходзе людзі  казалі: “Не, не, не, Дзімон”. У нашай краіне кожны б плюнуў і пайшоў. Флікеры ў вас трэба насіць… Вось такія дробязі. І гэта ў вас настолькі ў галаве ўкаранілася, але ж гэта правільна!“

Не маглі абмінуць прысутныя і “моўнае” пытанне: “Я ўпершыня заўважыў, як гэта кепска, што ў чалавека ёсць родная мова, а ён размаўляе на іншай. Зайшоў я ў тралейбус, а там аб’яўляюць прыпынак на беларускай. І ў нас таксама ж, на ўкраінскай. Я так пранікнуўся. Мне нават сорамна стала”. Паміж тым, сам паэт піша вершы на рускай. “Чаму? Пісаць трэба на той мове, на якой ты думаешь. А думаю я на рускай, бо на ёй вырас”.

Цікава, што Птицами з 17 да 21 года займаўся рэпам. Нават зачытаў штосьці з “рэпчыны”, якую часам піша і зараз. На пытанне, як ствараюцца вершы, паэт адказаў так: “Ёсць у цябе чалавек, які выклівае пэўныя пачуцці, яму ты і пішаш.” Чытаў паэт эмацыйна. Па традыцыі, свет быў выключаны, а госці захоўвалі цішыню. У такой атмасферы кожны мог адчуць энергетыку верша.

Пасля чытання вершаў прысутныя зладзілі акцыю “сфоткайся з паэтам” і прасілі аўтографы. Lo_Ok з разуменнем уздыхнуў, але ўсё ж такі адцягнуў Дзіму ў бок пасля вечара і такога сабе бэкстэйджа і пагутарыў пра творчасць:

photo by Alena Kovalchuk 15Як ты думаешь, калі б не было інтэрнэту, ты б стаў вядомым?

– Думаю, не. Я з цяжкасцю ўяўляю, як людзі раней раскручваліся, як яны перадавалі творчасць. Напэўна, пасродкам касет нейкіх… Асабіста я разышоўся дзякуючы Інтэрнэту, і не думаю, што па-іншаму магло б быць. Выступы мала што даюць. Трэба мець нейкія рэсурсы, рэкламу даваць, укладваць грошы. Я ж нічога не ўкладваў. Я ведаю малавядомых паэтаў, якія, тым не менш, едуць, выступаюць. На іх выступы прыходзяць чалавек пяць. Не зусім разумею, навошта яны гэта робяць. Каб выступаць, трэба ўжо быць вядомым.

– Які, на тваю думку, працэнт вершаў у сеціве можна лічыць якасным?

– 1 працэнт з 100. Астатняе – га*но нерэальнае. Акрамя таго, што Інтэрнэт дае табе магчымасць раскруціцца, ён яшчэ дае магчымасць другім людзям адчуць, што яны крутыя, і піхаць усюды свае вершы. Таму, як на мяне, мала якаснай паэзіі. Можа, таму, што я вельмі патрабавальны да вершаў. Можа, для кагосьці і больш за 1 працэнт.

– Ты выдаў  друкаваны зборнік. Навошта гэта было патрэбна, калі вершы і так гуляюць па Інтэрнэце?

– Многія людзі сталі пытацца, ці ёсць друкаваны зборнік. Адна справа – у Інтэрнэце, але часам хочацца патрымаць нешта ў руках, каб на паліцы нешта стаяла. Калі б у мяне быў любімы аўтар, я б таксама хацеў бы, напэўна, мець нейкую матэрыяльную рэч ад яго… Да таго ж, зборнік падсумоўвае мае вершы за 3 гады – пэўны перыяд творчасці. Туды ўвашлі самыя лепшыя, на мой погляд, творы. Хацелася, каб, калі гэтую кнігу возьме ў рукі больш дарослы чалавек, ён не пляваўся.

– Як ставішся да таго, што людзі прыходзяць на старыя вершы, якія табе самаму ўжо не надта падабаюцца?

– Часам мне сумна, калі просяць зачытаць толькі старыя вершы. Горш, калі гэта нейкія соплі, як “Твои-мои слезы”.  Людзі часам не ведаюць новых вершаў. Альбо яны ім не падабаюцца. Чапляюць іх нейкія самыя простыя рэчы. Ніхто не хоча капацца ў радках, шукаць нейкі сэнс. Часам гэта крыўдзіць, але я рады, што людзям і гэта падабаецца. Гэта ж, усё роўна, я напісаў, хоць і крышку іншы я. Гэта мае маленькія дзеткі.

– Ці лічыш ты апраўданым выкарыстанне ў вершах нецэнзурных выразаў?

– Ды блін, я не паруся з гэтай нагоды. Мне хочацца сказаць “бля*” – і я гавару “бля*”. Гэта ж мае вершы, я не прымушаю вас чытаць ці слухаць. Цяпер, дарэчы, я рэдка выкарыстоўваю мат. Раней я проста не задумваўся над гэтым. Зараз я зразумеў, што некаторым людзям гэта рэжа слых, таму, нават калі хочацца, я стараюся неяк слова замяніць. Але ёсць такія моманты, калі нельга. Гэта як у вершы радкі “раньше убивали газом, а теперь – по*уизмом”. Калі ты скажаш “раўнадушшам”, “пафігізмам” – неяк гэта будзе не тое, на мой погляд.

– Ці ёсць чалавек, які цябе крытыкуе, твой першы слухач?

– Раней быў такі чалавек, нават не адзін. Цяпер я сам разумею, калі я напісаў добра, калі дрэнна – раблю напор на тое, каб падабалася мне. Раней я прыслухоўваўся да крытыкі. Калі мне казалі, што нешта дрэнна, я спрабаваў змяняць гэта.

– Чым прынцыпова адрозніваецца сучасная паэзія ад класічнай?

– Адрозненні ў тым, што мы не разумеем тую паэзію, калі яна не пра “вечнае”. Мне здаецца, людзі, якія жылі тады, разумеюлі тую паэзію. Людзі, якія жывуць зараз, разумеюць паэзію, якую ствараюць сучасныя паэты. Ды занудная тая паэзія. Мяне не чапляюць гэтыя Пушкіны.

– А якія паэты, з тых, што працуюць зараз, табе цікавыя?

– У асноўным, гэта мае таварышы. Многія імены вам нічога не скажуць, у іх пабліках па 500 падпісчыкаў (у Птицами – амаль 30 000 – заўвага аўт.).

– Як ты ставішся да сваіх паслядоўцаў? Дапамагаеш, падказваеш?

– Так, спрабаваў дапамагаць раней. Ды і зараз Дзімка (Дзіма Алейнік – заўвага аўт.) скідвае часам вершы, просіць ацаніць. Падказваў, калі прасілі. Зараз нешта ніхто не просіць. Ёсць людзі, якія часам проста пішуць маімі радкамі ў сваіх вершах. Гэта непрыгожа. З іншага боку, я разумею, што, калі чалавеку  падабаецца чыясьці творчасць, то ён пачынае несвядома пераймаць яго, пісаць, як ён, нават красці яго радкі – у мяне такое таксама было. Я спадзяюся, што людзі перажывуць гэта, і знойдуць свой стыль.

– У кіно ёсць арт-хаус, у музыцы – панк, рэггі, а ці ёсць такія нефармальныя адгалінаванні ў паэзіі?

– Я не знаток паэзіі. Я не шару, якія ёсць адгалінаванні. Я неяк асабняком стаю, не тусуюся з рознымі паэтамі. Хоць і ў Дняпры, і ў Харкаве свая тусоўка ёсць. Я пішу як мне падаецца правільным, вось і ўсе.

– Г.зн. ты лічыш, што неабавязкова ведаць, тэорыю паэзіі, каб ствараць якасныя вершы?

– Каб ствараць вершы, трэба ўмець рыфмаваць: пажадана, не на канчаткі, не на дзеясловы, і мець рытм. Ёсць людзі, якія мераюць склады. Навошта гэта? Рыфмы і рытм – вось дзве асноўныя рэчы. Ніколі я не вучыў ямбы-харэі. Галоўнае – пісаць вершы з душой.

– Ці можна пражыць з паэзіі?

– Можна. Спачатку трэба сабе зарабіць папулярнасць. Хтосьці больш зарабляе, хтосьці менш. Усё залежыць ад таго, які ты кошт ставіш і колькі ў цябе слухачоў. Ізноў жа, у розных гарадах розныя затраты. Часам трэба гасцініцу здымаць, бо няма ўпіскі. На цэлы год паэзіі не хопіць. Але на пару месяцаў – так, каб проста жыць і пісаць новыя вершы – павінна хапіць.

dima pticami frodno

Некаторыя паэты яшчэ займаюцца нейкай грамадскай дзейнасцю. Ці займаешся ты нечым такім?

– Мы часам арганізоўваем выступы, прывозім паэтаў з другіх гарадоў. Але гэта толькі ў межах нашага горада. Рабілі вечары жаночай паэзііі, мужчынскай. Вечары Маякоўскага, Есеніна. Ніхто з арганізатараў грошай з гэтага не атрымлівае, толькі акупаем памяшканне і тое, што застаецца, аддаем выступоўцам. Проста дзеля задавальнення такія штукі робім. Зараз у нас ужо есць пэўныя напрацоўкі. Ты ведаеш, каму дзе пазваніць, хто можа нешта зладзіць. А калі пачыналі, не было ўвогуле нічога. Мы не ведалі, як шукаць арганізатараў. Таму мыкаліся проста: то там на грошы кідалі, то там начаваць не было дзе, на вакзал ішлі. Таму я разумею, што трэба дапамагаць рабятам. Як мы хацелі выступаць, так і яны хочуць.

Пытанне, якое немагчыма не задаць ўкраінцу. Як ты ставішся да гэтай сітуацыі ва Ўкраіне?

– Я пра гэта нідзе не пісаў, нічога не каментаваў. Майдан паказаў, як проста заставіць людзей адносіцца з нянавісцю адзін на аднаго. Усе мы браты, усе мы ўкраінцы, але нават у сям’і маглі быць сваркі з-за таго, што хтосьці за Януковіча, а хтосьці за Майдан. Я рады, што Януковіча прыбралі. Столькі карупцыі, колькі было пры ім, напэўна, не было ніколі… З іншага боку, знялі Януковіча – паставяць, хутчэй за ўсё, Цімашэнка, якая не лепш за Януковіча. Загінулі людзі. Выйшла так, што людзі білі міліцыю, міліцыя біла людзей. Да таго ж, у міліцыі робяць такія ж людзі, гэта іх праца. Трэба было ісці біць дэпутатаў, а не міліцыю. І што з Крымам адбылося… Я не ведаю падрабязнасцей, бо не маю доступа да Інтэрнэту, па навінах вашых таксама нічога не гавораць. Мне гэта проста незразумела: быў Крым, і тут – хоп – кавалак краіны ў нас проста адарвалі. І мы нічога з гэтым не можам зрабіць. Разам з тым, я разумею, што лепш пра гэта не гаварыць, не закранаць гэтую тэму, проста многа знаёмых, якія і за і супраць былі. Усе гэта палітыка. А палітыка – гэта заўседы дрэнна.

– Вершы на такія тэмы не хацеў бы пісаць?

– Мяне нават  абвінавачвалі некалькі разоў, што, вось, Майдан-Майдан, а ты не пішаш. Вось такія рэчы пісаць пра Майдан – гэта выехаць на гэтай тэме. Маўляў, зараз я напішу пра Майдан, і ўсе будуць лайкаць. Мне здаецца, непрыгожа так рабіць, але я ведаю людзей, якія толькі на такіх палітычных тэмах і выязджаюць. Мне здаецца, гэта несумленна. Ці можна так праславіцца на чалавечых пакутах? Магчыма, я напішу пра гэта потым. Але не зараз.

Тэкст і фота: Алена Кавальчук