Среда, 18 Июня 2025

Суполка беларускай культуры сумесна з антыкавярняй “Жывы час” 30 сакавіка праводзілі гуканне вясны. Разважаннямi пасля натхняльнага святкавання падзялiўся адзiн з прысутных.

gukanne-vyasny-fota-by-budzma

І воднага дня не пройдзе, каб хто-небудзь – стары ці чалавек маладзейшы, – глыбока ўздыхнуўшы, не заўважыў: як жа хутка ляціць час. Так і ёсць. Час ляціць, нешта заўжды новае прыносіць на суд ці забаву людзям, а штосьці забірае назаўжды. Ці не думалі вы, што не ўсё залежыць ад гэтага “злачынцы” ці “дабрадзея” (мяркуйце самі) часу? Можа, ўсё ж такі мы самыя с бласлаўленнем адпускаем у паўнаводную Лету некаторыя часткі нашага жыцця, жыцця нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў?

Нашы продкі раней не спяшаліся кожны дзень на бліскучым “Аўдзі” у прасторны офіс у цэнтры горада, беражліва не адкладалі грошы на новы ноўтбук, пральную машыну ці (хто ведае) на новую бліскучую “Аўдзі”. Яны жылі моцна ўз’яднана з прыродай, што кіруе ўсім, сваёй сям’ёй, што важней за ўсё, зямлёй, што дае ледзь не самае галоўнае – хлеб. Яны неяк зусім па-іншаму думалі. Зразумела – час.

І вясна была не толькі, як і цяпер, прыгожым, але і вельмі важным часам. Часам, калі пачыналася аднаўляцца праца на зямлі, калі гаспадыні адкладалі ўбок вязанне і шыццё, гаспадары рыхтавалі вазы і плугі да новага сезону. Ад таго, як усё заладзіцца менавіта вясной, залежыў ураджай ды і дабрабыт сям’і да наступнай вясны. Кожны год у другой палове сакавіка выходзілі нашыя продкі гукаць вясну – спявалі песні Богу, зямлі, птушкам, прасілі добрага ўраджаю, заклікалі цяпло. Па-святочнаму апраналіся і упрыгожвалі дрэвы рознакаляровымі стужкамі і самаробнымі птушкамі.

Хтосьці скажа, што гэта – цудоўная традыцыя, але яна  згубіла сваю неабходнасць і таму знікла з нашага жыцця.

Я заўсёды лічыў абагульненне страшна непатрэбнай рэччу.

У той сонечны дзень я стаяў ля адной сучаснай кавярні, адчуваў прыемны спакой і усміхаўся. Дзяўчаты і хлопцы спявалі веснавыя песні, танчылі, вадзілі карагоды. Яны гукалі вясну. Вакол гайдаліся ад ветру стужкі і птушачкі з тканіны – белыя, сінія, чырвоныя, жоўтыя… Не, я не карыстаўся машынай часу (няхай застанецца напотым). Яны былі тут са мной, у той жа самы час і на тым жа самым месцы.

Я нарадзіўся ў Гародні, тут вырас і жыву. Хтосьці ўжо паглядзіць на мяне і скажа “дзядзька” – так доўга я тут жыву. У бабулі з дзядулем калісьці мне даводзілася падоўгу жыць у вёсцы, і таму я адразу ажывіўся, калі пачуў гэтыя спевы і прыемныя на слых мелодыі, што “выдавалі”, без сумненняў, таленавітыя музыкі.

Зарадзі, Божа, жыта густое,

Жыта густое, каласістае,

Каласістае, зернавістае

Заплюшчыў вочы (ці ад сонца, ці ад задавальнення) – і ўбачыў сябе каля рэчкі на лузе, дзе ўжо прабіваецца новая зялёная трава. Убачыў побач са сваімі продкамі (можа прадзедамі, а можа гэтых “пра-“ тут нашмат больш ужо). Верце ці не – яны гаварылі са мной, спявалі мне. Яны танчылі. І я з імі. А якія назвы прыгожыя ў гэтых танцаў! Вы чулі – “Базар”, “На рэчаньку”, “Яблычак”, “Верабей”, “Месяц”. Ад такіх жыць хочацца (ці не праўда?), хочацца жыць лепей, хочацца быць лепшым.

Агу, вясна, агу, красна,

А што ж ты нам прынясла?

Не ведаю пра іншых, але мне ўжо гэта вясна прынесла мноства цеплыні і святла, мноства новых думак і разважанняў – прыемных, бясспрэчна. Я больш ніколі не дазволю важным рэчам сысці з жыцця – майго і маіх продкаў . Буду рабіць усё, што ад мяне залежыць. Чаму хтосьці можа, а я – не? І абавязкова з’езджу ў вёску, дзе ўжо даўно не быў. Няхай безлітасцівы час забраў ужо маіх бабуль і дзядуль. Але там іх памятае зямля, дзе яны працавалі, дрэвы, што чулі іх спевы, вясна, што зноў прыйшла дарыць цяпло нашым думкам і сэрцам.

Фота: “Будзьма беларусамi!”