Спецыяльна для прыхільнікаў металёвай музыкі Гародні самая чаканая падзея ўсіх часоў і народаў – канец свету – была перанесена. 15 снежня эксперыментальная пляцоўка “ОфицероFF” стала эпіцэнтрам выбуху смяротнай энергіі black metal’a.
Каля паловы восьмай заходзім у фае. Раз’юшаная вахцёрша месца сабе не знаходзіць ды енчыць: “Што за бясчынства! Дзе ахоўнікі! Гэта проста жах!”. Кантроль з білецерам таксама адсутнічалі. Спусціўшыся ўніз, каб распрануцца, мы са здіўленнем выявілі, што зачынены гардэроб.
І гэта не апошняе расчараванне, якое чакала гарадзенскіх металістаў: не працаваў бар (!). “Дзень цвярозасці, таму не працуе”, – адказаў адзін з арганізатараў.
А наверсе ўжо чуваць цяжкія гукі шаленых гітар – працягваўся SoundChek. Неўзабаве пачаў працаваць гардэроб, і ўсіх запрасілі набыць квіткі – алілуя.
Нарэшце, са спазненнем у паўгадзіны канцэрт распачаўся. Народ збіраўся слаба. Першым граў малады гарадзенскі гурт “Shards of Soul”. У карціну ўсеагульнай атмасферы “чорнага” металу яны не зусім упісваліся, але добра разагрэлі публіку гукамі гарачага “мясакамбінату”.
Наступнымі апынуліся на смяротнай глебе таксама гарадзенцы – блэк-металічны гурт TYRANTS. Падрыхтаваная металкорам публіка ўжо смялей танчыла “пякельную самбу”.
Апошнімі выйшлі на сцэну госці з Баранавіч “МАRNA”. Перад публікай яны з’явіліся ў традыцыйным убранні блэк-металістаў: у сутарэнных плашчах (напэўна, былых мяшках з-пад бульбы) ды ў корпспэйнце (чорна-белы грым, заўв.аўт.). Пакуль музыкі наладжвалі гук, перад сцэнай стаяў мужчына і скандыраваў: “БА-РА-НА-ВІ-ЧЫ”! Хтосьці з прысутных пажартаваў: “МАRNA ўжо і фанатаў сваіх з сабою возяць!”
Варта адзначыць, што дзень цвярозасці быў бязлітасна праігнараваны ўладальнікамі “квіткоў у адзін канец”. Або суседняя крама наплявала на забарону продажу алкаголю, або зачаравальныя гукі бласт-біта прымушалі ўсіх п’янець. А вось жадаючых патрапіць на армагедон аказалася не шмат: па сціслых мерках квіткоў было прададзена каля 50-60-ці.
Апрануўшыся, людзі няспешна разыходзіліся па хатах. На вуліцы кожнага, хто выйшаў з будынка, завіруха цалавала ільдзянымі кроплямі скандынаўскай ночы.
“Эге-гей! Мы так не дамаўляліся! Рэальна канец свету хіба што?!”
“Ну і “наблэкавалі” тут сапраўдную Нарвегію! І як цяпер дахаты ісці?!”
Вынікі рэпартажу з гарачай кропкі: канец свету адбыўся, ніхто не пацярпеў.
(з.ы. можа толькі каго ненарокам замяло )
Кінгі
Фота: Nadin Elpis
А мне спадабалася. І нічога, што мы не зусім па стылю падыходзілі, але ж далі паскакацб людзям)