Каб даведацца пра ўсе таямніцы “Людзей на балоце”, мы вырашылі завітаць да іх на рэпетыцыю. Менавіта там, за кубачкам гарбаты паміж песнямі, яны спачатку не без жартаў паведамілі пра выступы ў Манголіі і пра тое, што збіраюцца граць на стадыёне “Нёман”. А потым сур’ёзна і шчыра распавялі, чаму іх цікавіць тэма антыбальшавіцкага супраціву, і якія ў іх асабістыя адносіны да гурта.
… Дзверы кватэры нам адчыніла Наташа – жонка Алеся Дзянісава. Яна ветліва запрасіла нас у залу, дзе мы селі на мяккія кілімкі на падлогу. “Людзі на балоце” былі ўжо тут. Рэпетыцыя пачалася.Музыкі спачатку гралі песні з апошняга альбома, потым новыя лірычныя кампазіцыі. Гралі гучна, з захапленнем. Калі-нікалі яны выпраўлялі адзін аднаго, жартавалі. Даша – дачка Дзянісава, глядзела мульцікі па камп’ютары, часам тузала бацьку за касічку, часам гулялася з коткай Алісай. Ад гэтага атмасфера рабілася яшчэ больш хатняй і сяброўскай.Калі музыкі гралі апошнія песні, нечакана пайшоў… снег! Амаль першы снег ў гэтым годзе. Мікола, трымаючы акардыон, і Вася, не перестаючы граць на флейце, ускочылі і пачалі танчыць.
Суседзі ніколі не скардзіліся на рэпетыцыі ў кватэры? Алесь: Я ад суседзяў адкупляюся. Самагонам! Наташа: Ну, ты сур’ёзна кажы! Алесь: (прымірэнча) Ну добра, добра. З імі ўсё нармалёва. Ва ўсякім выпадку, ні разу ніхто не прыходзіў і нічога кепскага не казаў. А рэпетуем мы тут ужо больш за год. |
Ніколі не ўзнікала жадання рэпетаваць дзе-небудзь на прыродзе?
Наста(гучна): Людзі на прыродзе! Алесь: Вось зараз снег пайшоў, можа быць летам калі-небудзь зробім. Але гэта праблематычна, таму што інструменты трэба яксьці везці, а аўто ў нас не ва ўсіх ёсць. Калі б знайшлася вялікая кватэра, вы б там ладзілі кватэрнікі? Вася(з ноткай адчаю): А дзе яна, вялікая кватэра? Саня: Калі быў ДК імя Грэка, то мы там праводзілі нібыта кватэрнікі. Алесь: А мы калісьці з Васілём увогуле былі піянерамі такіх мерапрыемстваў! На кватэры ў мамы я ладзіў адныя з самых першых кватэрнікаў у Гародні! Вася: Пачыналі а 15-й гадзіне, завяршалі а 22-й. Алесь: Кватэра была цалкам забітая, нават прыносілі ад суседзяў крэслы. |
Саня: Але і ў гэтым памяшканні праводзяцца кватэрнікі, калі да Алеся прыходзяць сябры. Часам і рэпетыцыі ператвараюцца ў невялікі кватэрнік. Давайце трохі пра альбом. Вы ўжо прэзентавалі яго ў Менску і Гародні. Дзе больш спадабалася? Алесь: На самой справе, у Ламбатры! Не ўсе там разумелі па-беларуску, былі голыя, многія прыехалі на конях. Адзін мангольскі сябар замовіў нам чартарны самалёт, і мы туды паехалі. (гучны смех) Саня: Кожны, напэўна, можа сказаць сам за сябе. Мне больш спадабалася ў Менску. У Гародні мы бегалі, клапаціліся, займаліся ўсім, толькі не музыкай: дамаўляліся з гуртамі, збіралі апаратуру, наладжвалі гук, прымалі сяброў, стаялі каля касы, сачылі за ўсім. Таксама было цяжка сабрацца на рэпетыцыі праз занятасць. Таму, на маю думку, у родным горадзе атрымалася не самае лепшае выступленне. Паша: А мне вельмі спадабалася ў Гародні, таму што сапраўды вельмі адчувалася падтрымка людзей. І я лічу, што для музыкаў галоўнае – ўзаемааддача энергіі выступоўцаў і публікі. У Менску я такога не заўважыў. Вася: Я скажу не наконт прэзентацыі. Увогуле, для мяне лепшых канцэртаў было два. Першы на “HalfWay” у Беластоку. Тэхнічныя сродкі там дазволілі данесці музыку да слухачоў так якасна, якой яна павінна быць. Другі канцэрт адбыўся ў “Офицерофф”. Ен быў вельмі моцны па энергетыцы. |
Ці плануеце вы больш маштабныя канцэрты? Бо ўсе бачылі, што ў драмтэатры людзі стаялі ў праходах, сядзелі на лесвіцах.
Алесь: Пакуль мы толькі дамовіліся з драмтэатрам, а зараз са стадыёнам “Неман” разбіраемся. (смяецца) На разагрэў Metallica’у пазавём, яны прывязуць апаратуру, вось тады і мы прагучым! Саня (супакоіўшыся ад смеху): За тыдзень да канцэрту ў касах драмтэатра было прададзена каля 80-ці квіткоў. Мы зразумелі, што трэба нешта рабіць. У нас жа людзі прызвычаіліся ўжо, што канцэрты праходзяць у клубах, і квіткі набываюцца звычайна у дзень канцэрту на ўваходзе. Тады мы патэлефанавалі ўсім сябрам, якія збіраліся прыйсці, каб яны загадзя набылі білеты, бо гэта драмтэатр. А за гадзіну да канцэрту заставался яшчэ больш за 50 білетаў. Таму ніхто з нас не чакаў такога натоўпу. А, напрыклад, у вялікай зале драмтэатра няма сэнсу рабіць канцэрт, таму што патрэбнай колькасці мы не збярэм, ды і музыка наша не прызначана для такога памяшкання. Чаму ваш альбом цалкам прысвечаны антыбальшавіцкаму супраціву? Алесь: Ну… Так атрымалася (задумаўся).Не ведаю нават. Проста асабіста мяне тэматыка грамадзянскай вайны цікавіла з дзяцінства, і я многа чытаў пра гэта. Чырвоны тэрор, белы тэрор – то бок, у той час рабіліся жахлівыя рэчы, і гэта не магло прайсці без слядоў. Пры гэтым, сёння мы маем 7 кастрычніка, “святкуем”, але ўсе ведаюць, якая гэта дата на самой справе: перамог адзін бок, і ўсю гісторыю перапісаў на свой лад.. Для сябе мы паставілі мэту – сказаць пра тое, аб чым ніхто ніколі з музыкаў не гаварыў. І гэтая тэма актуальная, бо улада не змянілася, змяніліся толькі людзі. Мы не павінны пра гэта маўчаць. |
“Людзі на балоце” – гэта назва гурта, альбома і песні. У вас не было іншых ідэй для назвы альбома?
Алесь: ХХХ!! Тры іксы. (амаль хорам, гучна смяюцца) Мікола: Была ідэя назвацца адрасам кватэры, дзе мы заўсёды рэпетуем. Але гэта было несур’ёзна. Якім мае быць новы альбом? Алесь: На словы беларускіх паэтаў – Дануты Бічэль, Марыі Базылюк-Саснюк, Андрэя Пяткевіча. Хутчэй за ўсе, прыйдзецца альбом падзяліць на дзве часткі. Асабіста мне вельмі хацелася адысці ад тэматыкі першага альбома, рэвалюцыйнай, бо некаторыя лірычныя песні чакаюць свайго часу з 2003 года! Саня (з захапленнем): Я раней не чытаў тыя вершы паэтаў, на якія Алесь напісаў музыку. Але калі мы пачалі спрабаваць іх выконваць, мне стала так цікава! Гэта сапраўды было ў кайф! Калі альбом будзе цалкам лірычны, ці не баіцеся вы страціць тую частку сваіх слухачоў, якія жадаюць чуць змагарскія тэкты? Алесь (сур’ёзна): Калі б мы займаліся аўдыторыяй, напэўна, гралі б зусім іншую музыку. Галоўнае для нас зараз – адысці ад змагарскай тэматыкі. Але, думаю, да яе мы яшчэ вернемся. Вася (жартам): Магчыма, з’явіцца альбом за савецкую ўладу. Што для кожнага з вас гурт “Людзі на балоце”? Мікола (задуменна): Тут я граю… І граю (усміхаецца). Тут поўная свабода, няма вызначаных межаў. Акрамя гэтага я займаюся навучаннем ва ўніверсітэце на тым жа акардэоне. Карацей кажучы, сумяшчаю прыемнае з карысным. |
Паша: Я вырас крыху з іншай музыкай – панк-рок ды і цяжэй што-небудзь. Яшчэ граю ў гурце “Dzecuki”, у якім таксама знаходзіцца палова “Людзей на балоце” (усміхаецца), і які выконвае дыяметральна супрацьлеглую музыку. Але мяне заўседы цікавілі акустычныя праекты, і калі Алесь запрасіў, то я вельмі рады быў прыняць удзел. Мне шчыра падабаецца тое, што мы тут робім.
Наста (таксама задуменна): Ой… Мммм… Ну…. (яна ужо схавала скрыпку, легла на канапу і пачала рабіць Саню масаж нагамі) Я вельмі чакала гэты праект. У “КальЯне” я была крыху не на тым інструменце. А тут кожны з нас рэалізаваў нейкую сваю асабістую частку. Саня: Для мяне гурт – гэта, перш за ўсе, зносіны. Напэўна, ў іншых калектывах ніхто не будзе сядзець і даваць інтэрв’ю, калі табе робяць масаж і яшчэ паралельна размаўляць на свае нейкія тэмы (смяецца). Тут вельмі прыемна і цікава. Можа, гэта з-за таго, што склаўся рознаўзроставы калектыў. Кожны з нас дзеліцца парадамі, выслухоўвае адзін аднаго. І менавіта з такіх стасункаў і выходзіць тая музыка, якую мы прапаноўваем слухачам. Вася (крыху збянтэжана): Я падтрымліваю Саню: галоўнае – гэта стасункі. Калі ты граеш у калектыве, гэта ўжо зусім іншы вопыт. У гэтым праяўляецца пастаяннае творчае развіцце. Увогуле, я даволі крытычна стаўлюся да музыкі, але наша музыка, наша паэзія мне падабаюцца. Дарэчы, вырас я на англамоўнай лірыцы, і беларускую мову ніколі не слухаў ды і не вабіла яна мяне. І толькі тут я сапраўды яе адкрыў для сябе. Алесь (уздыхаючы): Асноўнае маё тварэнне – гурт “КальЯн” сваю справу, напэўна, ўжо выканаў. А “Людзі на балоце” – гэта чарговая мая музычная рэінкарнацыя. |
На рэпетыцыю завіталі: Птушка, Кінгі.
Фота з канцыку “Людзей на балоце”: Яўген Кандратовіч
Pingback: Творческая встреча с группой “Людзі на балоце” | LO_ok | Глядзі ? Смотри
Уважаемые редакторы сайта!
Обратите внимание на то, какая верстка у вас в этой статье. Есть отрывки, который почему-то размещены по два раза.
“Алесь: Вось зараз снег… “, “Алесь: А мы калісьці з Васілём…”
спасибо, всё исправили.
а паслухаць можна тут: http://www.experty.by/node/1900
Добра. Дадайце хоць трэкау якiх паслухаць