“Адзіс Абеба”, адзін з лепшых беларускі рэггей-гуртоў, завітаў ў Гародню 25 лістапада з канцэртам у былы дом афіцэраў. Музыкі гралі не толькі даўно знаёмыя слухачам песні, але і новыя кампазіцыі з трэцяга студыйнага альбома “Механізм”.
Пасля канцэрта Дзіма Іваноў, лідар “Адзіс Абебы”, даваў аўтографы жадаючым (такіх было даволі шмат), фатаграфаваўся з аматарамі-прыхільнікамі сваёй творчасці і паспеў адказаць на некаторыя пытанні…
-Дзіма, скажы, як ты ставішся да самвыдатаў?
– Ды выдатна стаўлюся. Сам калісьці ўдзельнічаў. У нас была такая газета самвыдатаўская, “Навінкі” называлася. Ну, там антыфашык і ўсякія штукі анарха-плану.
-Раскажы, калі ласка, пра ваш апошні альбом. Складваецца ўражанне, што альбом – ода Марыі Іванаўне. Што скажаш наконт гэтага?
– У прынцыпе, я згоды. Таму што неяк атрымалася, можа з-за доўгай адсутнасці адпачынку на Поўдні, не быў даўно на моры, мала адпачываў… Альбомы і песні ўвогуле залежаць непасрэдна ад жыццёвых хваляванняў, сітуацый…
- І ўсё ж, як ты ставішся да палення не тытунёвых вырабаў і беларускіх законаў, якія датычацца наркотыкаў?
– Ну, у прынцыпе, да палення станоўча. А дазваляць законам ужыванне наркотыкаў нельга, напэўна. Хаця…марыхуанну я б легалізаваў усё ж. Але што датычыцца забароны іншых наркотыкаў, то на 100 % падтрымліваю.
- Тэкст песні пра ментоўскіх сабакаў – гэта рэальная гісторыя з жыцця аўтара песень? Сам любіш сабакаў?
– Сабакаў я люблю, канешне. Але было такое, што з-за іх адбываліся некаторыя канфузы. Сёе-тое складваецца ў песні.
-Песня з апошняга альбома “Я умываю рукі, я ухожу на покой” крыху бянтэжыць. Няўжо гурт больш не будзе граць?
-Не, чаму ж?! Гэта найперш звязана з лёгкімі зменамі поглядаў на свет.
– У вас ёсць некалькі і беларускамоўных песень. Ці плануяце запісваць яшчэ песні менавіта на мове?
– Так, плануем. Думаю зараз перачытаць Алеся Разанава і яшчэ некаторых класікаў беларускай літаратуры. Проста ў паўсядзённым жыцці мала карыстаюся мовай. На жаль, яе і так дзе зусім мала пачуеш. Але забывацца ўсё ж не трэба.
- Ваш гурт існуе ўжо больш за 10 год, вы шмат граяце з беларускімі рэггей-музыкамі… На тваю думку, ці шмат у Беларусі трушных рэггі-гуртоў?
– Хм… Лічу, што вартых, добрых рэггі-гуртоў не так шмат. Напэўна, іх нават можна пералічыць па пальцах адной рукі. Ды і то, мо застанецца яшчэ пара штук (пра пальцы, смяецца).
-А як ты адпачываеш ад канцэртаў? Ёсць правераныя спосабы рэлаксу?
– Ды не, напэўна, такіх правераных і няма. Прызджаю дахаты, там сям’я, дзіцёнак, неяк не да адпачынку. Хутчэй, у цягніку дзесьці, ці проста пасля канцэртаў можна як-небудзь адпачнуць некалькі гадзінаў…
-Як думаеш, ці шмат у Беларусі растаманаў? І які крытэр “сапраўднасці” растаманаў можаш прапанаваць?
- Растаманаў, я думаю, вельмі мала. Дрэды, канешне, шмат чаго значаць, але гэта не абазначае, што кожны, хто іх носіць – растаман. У Беларусі надзвычай мала сапраўдных людзей, якія цалкам, з галавой прысвячаюцца, аддаюць сябе гэтай веры. Вельмі складана гэта ўсё… Вялікі кантраст нашага менталітэту і дадзенага руху.
-А ты сябе адносіш да растаманаў. Не паліш “Вінстан”, не выпіваеш?
– Я сам, на жаль, палю. З алкаголем так крыху падзавязалі. Хаця злёгку перад канцэртамі 100 грам каньяка, каб узбадзёрыцца, паправіць звязкі…
- Можа ты займаешся якімі-небудзь духоўнымі практыкамі?
– Ды не , усё ж…
- Што для цябе гармонія?
– Гармонія – гэта любоў, адсутнасць нейкага негатыву: спрэчкаў, канфліктаў…
Падзякаваўшы і пажадаўшы натхнення Дзіму Івановы, мы развіталіся. А ў галаве яшчэ доўга стаяў вобраз гэтага светлага і харызматычнага чалавека з яго “музыкай шчасця”…
Амілька
Фота: Яўген Кандратовіч
Видео: Андрей Ломов