Пятница, 13 Июня 2025

Каб абмеркаваць сучасныя тэндэнцыі гарадзенскага мастацтва і вызначыць стан, у якім знаходзіцца беларускі арт, мы сустрэліся з адным з самых знакамітых і запатрабаваных мастакоў Гародні – Сяргеем Грыневічам.

гриневич

Адукацыя дапамагае тым, што спектр сродкаў, якімі ты апелюеш, пашыраецца

Я  з дзяцінства любіў маляваць, таму паступіў у школу-інтэрнат у пяты клас у Мінск, там вучыўся сем гадоў, потым у Акадэміі. Таму, можна сказаць, я з адзінаццаці гадоў прафесіянал, толькі гэтым і займаюся. Раней у мяне былі манументальныя працы, а цяпер я займаюся жывапісам, калі гэта можна назваць жывапісам.

Ці абавязкова мець акадэмічную школу за плячыма? Ёсць, вядома, шмат самародкаў у гісторыі мастацтва, якія не заканчвалі навучальных установаў па гэтай спецыялізацыі. Але кожны мастак —хоць  дзе, але вучыўся. Той жа Ван Гог не заканчваў нейкіх акадэмій, але вучыўся у майстроў: праглядаў мноства рэпрадукцый, у прыватнасці, гравюр, таму што тады каляровых рэпрадукцый не было. Але я лічу, адукацыя дапамагае тым, што спектр сродкаў, якімі ты апелюеш, пашыраецца. Здавалася б, калі ты абстракцыяніст, навошта табе ўмець маляваць людзей? Але кампанаваць трэба ўмець, а гэтаму ўсё ж такі вучаць. Таму адукацыя патрэбна. Хоць, збольшага, вучыліся  маляваць мы больш адзін у аднаго, чым у выкладчыкаў. Таксама не трэба блытаць мастацтва з самадзейнасцю. Ёсць прафесійнае мастацтва і аматарскае. Яны рэдка перасякаюцца.

Трэба ствараць нешта новае, адлюстроўваць сучаснасць

Хоча мастак ці не, ён ёсць адлюстраваннем часу. Пра мінулае мы мяркуем па старых глабальных мастацкіх стылях, па яго носьбітах – аўтарах. Цяпер існуе мноства кампіляцый, у час постмадэрнізму. Людзі карыстаюцца цытатамі з класічнага мастацтва, але я прыхільнік думкі, што трэба ствараць нешта новае, адлюстроўваць сучаснасць. Што было, тое было. І наш час будуць судзіць па тых рэфлексіях, якія адлюстроўваюць менавіта яго, а не з’яўляюцца кампіляцыямі папярэдніх стыляў, эпох, і г.д.

А вось месца, дзе жыве мастак, зараз на яго уплывае ўсё менш і менш. Бо свет стаў вялікай глабальнай вёскай. Нават калі ты жывеш на хутары, можна скарыстаць Інтэрнэт, даведацца, што людзі робяць, паглядзець, паслухаць. Зараз людзі больш падарожнічаюць. Раней міграцыя прыраўноўвалася да лёгкай смерці. Многа знаёмых мастакоў з’язджалі за мяжу – і з імі развітваліся назаўсёды. З аднаго боку, канешне, глабалізацыя – гэта добра: мы можам бачыць сябе на фоне іншых, ведаць пра апошнія тэндэнцыі. Але губляецца нейкая ідэнтычнасць, нейкая эксклюзіўнасць рэгіянальных знаходкаў у галіне мастацтва. Раней мастацтва краін Захаду, Усходу, Афрыкі выразна адрознівалася. А зараз у тым жа Кітаі ўзялі на ўзбраенне ўсе еўрапейскія дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва. Ды і не толькі ў Кітаі.

Photo by Kondratowich 14-15072013-19

Наша краіна, агароджаная візавымі межамі, нагадвае балотца

А вось наша краіна такім плотам абгарадзілася ў выглядзе віз і іншых цяжкасцей… Атрымалася нейкае балотца. Мы ж у Еўропе знаходзімся, а нашыя мастакі не ўдзельнічаюць у асноўных фестывалях сучаснага мастацтва. Гэта гаворыць пра тое, што, па-першае, нас не ведаюць у свеце, а па-другое, нас калі б і ведалі, то і прапанаваць нам асабліва няма чаго. Арт-рынак як такі адсутнічае ў краіне, таму ў мастакоў няма магчымасцяў. Удзелы ў вялікіх фестывалях міжнароднага мастацтва патрабуюць вялікіх грошай. Мастакі самыя не могуць аплачваць свае боксы на вялікіх арт-кірмашах, тут павінна быць падрымка як дзяржавы, так і бізнесу. Але ў нас гэта па-простаму адсутнічае. Калі гаварыць пра беларускіх мастакоў – ад мастакоў постсавецкіх краін яны не адрозніваюцца нічым, акрамя сваёй пасіўнасці. Нават Расія, Україна і Прыбалтыка інтэграваны ў еўрапейскі працэс, удзельнічаюць у шматлікіх фестывалях і кірмашах. Мы ж не ўдзельнічаем. Пра перайманне Захаду рана гаварыць па фінансавых прычынах: мастацтва сучаснае стала больш тэхналагічным, патрабуе вялікіх выдаткаў, мы можам толькі капіяваць на інтэлектуальным, канцэптуальным узроўнях. А ўвасобіць мы не можам па тых жа прычынах адсутнасці сродкаў. Таму што мастацтва – дарагое задавальненне, калі ім сур’ёзна займацца.

Культурная сталіца, у якой няма мастацкага музея

На творчасці можа зарабляць не кожны. У нас з гэтым не зусім дрэнна, бо ёсць даволі шмат мастакоў, якія менавіта мастакі, і нічым больш не займаюцца. Вось на Захадзе  людзям, якія атрымалі прафесійную адукацыю, даводзіцца абыходзіцца грантамі – там распаўсюджаны такі спосаб падтрымкі мастацтва. Але многія працуюць па сумежных спецыянальнасцях. Пасля развалу Савецкага Саюза многа мастакоў сышло ў выкладчыцкую дзейнасць, каб мець стабільны заробак. Хтосьці застаўся і зарабляе толькі мастацтвам. А некаторыя проста не ўпісаліся ў новыя рэаліі. І спіліся, напрыклад. Некаторыя з’ехалі.

Думкі, што я – самы дарагі мастак Гародні, выклікаюць у мяне смех. Я нават чытаў пра гэта. Насамрэч, гэта смешныя кошты. Можа, для Гародні і істотныя. Ну, добра, я самы дарагі мастак Гародні. Што далей?

Мяне зараз уключылі ў асноўны праект “Арт-Забора”. “Арт –Забор” рухаецца, у іх ёсць вялікія планы ладзіць выставы са сваіх калекцыяў, запрашаць мастакоў, магчыма, стварыць Музей сучаснага мастацтва з пастаяннай калекцыяй. Музей сучаснага мастацтва ў нас ёсць у Менску, але калекцыя там не выстаўляецца. А ў Гародні ўвогуле няма мастацкага музея, хоць такія ёсць ва ўсіх абласных гарадах. Зараз Гародня – культурная сталіца, апроч таго, у нас Год гасціннасці, а калі турыст спытае, дзе можна “паглядзець мастацтва”, нам проста не будзе куды яго накіраваць.

DSC0570

Мастацкі камбінат і дзяржзамова “расслабілі” мастакоў

20 гадоў таму ўсе мастакі працавалі ў мастацкім камбінаце. Тады існавала дзяржзамова. Выдзяляліся грошы для “афармілаўкі”, прапаганды. Кожная арганізацыя атрымлівала бюджэтныя грошы, і павінна была гэта асвоіць. Таму ў мастакоў заўжды была праца, а ў паспяховых мастакоў – нават чарга з заказчыкаў. Але тады і мастакоў менш было. Тады праблемы зарабіць не існавала. І мастакі расслабіліся. А пасля многія проста “не ўпісаліся”, таму што цяпер трэба выплываць самаму.

Сёння заўважна нейкая пасіўнасць моладзі. Гэта мяне хвалюе. Хочацца, каб моладзь падсцегвала-няма такога слова, састаўляла канкурэнцыю, здзіўляла, магчыма, нават шакавала. Ёсць, канешне, выключэнні. Ёсць добрыя мастакі, я іх бачу, бо часта хаджу на выставы. Саша Бурлакоў – добры мастак-канцэптуаліст. Цікавай была выстава Уладзіміра Пазняка. А больш выставаў проста не было.

У гарадзенскіх мастакоў нейкай цягі да андэграунду я не заўважаў

Photo by Kondratowich 14-15072013-5Ёсць такія класічныя віды мастацтва, як графіка, скульптура, жывапіс. А ёсць сучасныя віды: відэаарт, інсталяцыі, перфоманс, арт-актывізм, стрыт-арт. Некаторыя з іх, хоць і ёсць мастацтвам,  але не ёсць візульным радком. У Нью-Йорку  нядаўна ўручалі прэмію за дасягненні ў сучасным мастацтве. І першую прэмію атрымаў гукавы шэраг: шумы нейкія запісалі ці то ў вадзе, ці то яшчэ дзесьці. Сусветная супольнасць шукае, дзе заканчваецца гэтае выяўленчае мастацтва. Жывапіс яшчэ жывы, мастакі працуюць у гэтым накірунку. Але жывапіс – гэта дакладна не мэйнстрым. У гарадзенскіх мастакоў нейкай цягі да андэграунду я не заўважаў. Магчыма, яны ёсць, але, відаць, гэты андэграунд настолькі глыбокі, што не праклюнуўся нават. Калі б ведаў, я з задавальненнем пабачыў бы. Стрыт-арт, арт-актывізм, — гэта ніяк не андэграунд. Хутчэй, зараз жывапіс – андэграунд. Час медыа прыйшоў, цяпер менавіта гэта – мэйнстрым.

Кавальчук Алена

Фота – Voice, Яўген Кандратовіч

Сяргей Грыневіч – мастак, нарадзіўся і жыве на Гарадзеншчыне. Апошнія гады займаецца жывапісам. Сярод асноўных тэм – свабода, асноўныя праблемы сучаснасці, асабістыя хваляванні. С. Грыневіч удзельнічае ў шматлікіх выставах у Польшчы, Іспаніі, Украіне, Расіі, Літве, Францыі, Швейцарыі. Карціны мастака знаходзяцца ў многіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

*Існуе меркаванне, што Сяргей Грыневіч – самы дарагі мастак у Гародні.