Вторник, 10 Июня 2025

Стаптаная тысячамі ног зала пляцоўкі “Офицерофф” 1 снежня асабліва ўздыхала пад цяжарам вагкіх ботаў “металёвай” Гародні. “РОК супраць СНІДу” – вось нагода, з якойандэграўндныя колы такі прыйшлі ў адзначанае месца і адзначаны час. 

А 18 гадзіне распачынаецца SoundCheck. Твары прысутных лагодныя, шчырыя, пакуль яшчэ цвярозыя. З боку – звычайная тусоўка, звычайныя людзі. Толькі асабліва “чорныя”, асабліва валасатыя і барадатыя. Шчыра вітаюць адзін аднаго, размаўляюць – усё як звычайна.

З самога ўзнікнення рок-музыкі як жанру і культуры паводзін, грамадства пачало атаясамліваць гэтую плынь з чымсці пачварным, дрэнным  праз недапушчальнасць разумення масамі. Таму не дзіва, што такія “мазалі” як наркотыкі і СНІД сталі побач менавіта з рок-музыкай. Таму, як адзначае арганізатар Андрэй Чапялюк, мэтай канцэрту стала паказ таго, што рок-музыкі  і слухачы не абыякавыя да гэтай праблемы.

Ламалі стэрэатыпы такія гарадзенскія гурты, як “Beauty and the beast”, “Evil Invaders”, “Discord”. Таксама завіталі з Менску  “Dracula”. Музыкі выходзілі на сцэну, не марнуючы час нават на наладжванне інструментаў. А навошта? Усім усё роўна – гэта ж рок.

Што цікава, ініцыятарам канцэрту стаў гарадскі Дом культуры. Гэта адна з першых іх спробаў за апошнія гады ў арганізацыі тусоўкі для моладзі. Пачалі з року (а дакладней, з металу). Нядрэнна 0_о.

Увесь час у зале працаваў бар. Але дзе-нідзе з космасу, ці можа з суседняй крамы, з’яўляліся 2,5-літровыя бутэлькі піва, якіх у бары ніколі не было, ды шкляныя нульсемкі (0,7 л), якія арганізатары бязлітасна адбіралі ў рокераў.

Напрыканцы мерапрыемства будынак ледзь дыхаў ад  сапрэлага водару пота, піва, хэдбэнгінгу ды слэму. Стваралася ўражанне, што ўсім тут глыбока абыякава да праблемы СНІДу, маўляў, якая розніца, галоўнае, што была нагода сабрацца ды напіцца.  Выраз “у нас тут свая атмасфера” як нельга больш падыходзіць да гэтага “домакультурнага” мерапрыемства.

Крыкамі “ЯШ-ЧЭ! ЯШ-ЧЭ” канцэрт падышоў да свайго лагічнага маральнага і фізічнага завяршэння. Выходзячы з гардэроба, адзін з прысутных слушна заўважыў: “Прэзерватывы бы хоць раздалі. Барацьба са СНІДам! А куды цяпер гэтая маса брута пойдзе? У аптэку?”

Вось як выказаліся прысутныя наконт убачанага і пачутага:

Вераніка, студэнтка: “Ну, як сказаць. Самі ж бачаце…”

Макс, школьнік: “Усё шыкоўна! Канцык супер. Усе як мае быць. Мятаал!”

Алесь, працуе: “Мне не вельмі спадабалася. Аднак, гэта амаль што адзінае мерапрыемства такога накірунку, якое было за апошні час у Гародні.”

Кінгі

Фота: Дзмітрый Мінгіновіч