Вторник, 10 Июня 2025

15 верасня па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі па ўборцы тэрыторый, на якіх хтосьці калісьці нядрэнна правёў час, пакінуўшы за сабой горы смецця. “Прыйшоў, пасвінячыў і забыўся!» Напэўна, пад такім дэвізам аматары «павесяліцца» ў лесапарках, парках і іншых месцах бавілі свой час.

Толькі далёка не ўсім абыякава тое, чым мы дыхаем, у якіх умовах жывём. Таму па ўсім горадзе (і за яго межамі) народ размеркаваўся па групках і пачалася маштабная ачыстка прыроды ад смецця.

Акцыя “Зробім!” праходзіла ў рамках Сусветнай уборкі-2012, да якой у гэтым годзе далучыліся каля 100 краін. У параўнанні з мінулым годам— гэта, безумоўна, вельмі шмат. За 2011 год у акцыі пад лозунгам “Зробім!” прынялі ўдзел больш, чым 2,7 мільёнаў чалавек у 16 краінах.

У Гродна месцам правядзення ўборкаў сталі лесапарк каля 4-ай бальніцы, лесапарк “Пышкі”, крос-кантрыйная велатраса, Гродзенскі форт №3, кар’ер “Мелавыя горы”, в. Пагараны-Кашэўнікі— менавіта тут дзейнічалі добраахвотнікі. Далучыцца, зразумела, мог любы жадаючы— пакетаў для смецця (і, тым больш, самаго смецця) хапала на ўсіх.

Такім чынам, сярод удзельнікаў акцыі можна было сустрэць студэнтаў ГрДУ ім. Янкі Купалы,групу гісторыкаў і краязнаўцаў, вучняў ліцэя №3 і школы № 27, людзей з інспекцыі прыродааховы, а таксама членаў ініцыятыўных групаў “ВелаГродна” і “Чысты лес— чысты розум” ды і проста неабыякавых жыхароў горада.

Каардынатар акцыі па г. Гродна— Юлія Каляда. Актыўная дзяўчына распавяла, што арганізацыю такіх мерапрыемстваў яны з сябрамі пачалі яшчэ ў мінулым годзе. Першапачаткова гэта былі проста невялікія зборы ініцыятыўна-актыўных людзей, якія збіраліся ў вольныя дні і прыбіралі забруджаныя месцы. З цягам часу народ пачаў падцягвацца, маштабы аматарскіх збораў павялічыліся.

На першы погляд здаецца: ну акцыя, ну прыбіраюць. Думаецца пра гэта, як пра нешта звыклае і простае. АЛЕ! Зайдзіце вы ў гэты лесапарк— глядзець брыдка, не тое, што гуляць там. Усюды  бутэлькі, паперы, фанцікі-шманцікі! Такое адчуванне, што не людзі— зомбі з целам чалавека і галавой свінні прайшліся. Таму тым, хто ўдзельнічаў, хто арганізаваў, каардынаваў рэальна трэба  выказаць падзяку. Зроблена вялікая праца, задзейнічана шмат людзей, і агульнымі высілкамі— не на трошкі, а па-сур’ёзнаму месцы, дзе мы жывём, дзе ходзім, сталі чысцей і лепей!

Ну а да тых, каму “да лямпачкі” усё гэта, хто пакідаў за сабой смецце і будзе пакідаць, можна звярнуцца з выразам “Калі наступны раз будзеце кідаць пустую бутэльку з-пад піва на зямлю, а не ў сметніцу — не забудзьце хрукнуць”!

Амілька

Фота: Аліса Чэкатоўская