Калі ў Беларусі вам чагосьці не стае – стварыце гэта самі і будзеце першымі! Ідэі, як разнастаіць культурнае жыццё свайго гораду, лунаюць у паветры, а вось узяць ды ператварыць іх у жыццё вечна штосьці замінае. Кампанія «Будзьма беларусамі!» заклікае не хаваць задумы ў пыльную шафу, а дасылаць на конкурс, і прапануе дапамогу ў іх ажыццяўленні.
Гэта не першая спроба кампаніі заахвоціць саміх жыхароў змяніць штосьці ў культурніцкім жыцці свайго гораду. У розных гарадах Беларусі некалькі разоў на год ладзяцца «Кірмашы праектаў», куды можна прыйсці са сваёй ідэяй, распавесці пра яе важнасць, знайсці аднадумцаў, пачуць карысныя парады і атрымаць рэакцыю ад неабыякавых гараджан.
На «Кірмашах праектаў» могуць прадстаўляцца ідэі, незалежна ад ступені іх рэалізаванасці. У конкурсе ж, які аб’явіла кампанія цяпер, могуць удзельнічаць толькі задумы, ажыццяўленне якіх яшчэ наперадзе.
Якім ідэям, дасланым на конкурс, будзе нададзеная перавага? Найперш гэта грамадска і культурна значныя праекты, працяглыя ў часе і разлічаныя на шырокую аўдыторыю. «Напрыклад, фестываль з простым выступам некалькіх гуртоў нам нецікавы, бо мы і так гэтым займаемся, – тлумачыць рэгіянальны каардынатар «Будзьма беларусамі» Кацярына Раманчык, – а вось у спалучэнні з адукацыйнымі мерапрыемствамі (семінарамі, публічнымі лекцыямі, дыскусіямі) – ужо робіцца для нас больш важным». Паводле каардынатаркі, вітаюцца таксама ідэі па стварэнні культурніцка-камунікатыўных месцаў (цэнтраў, клубаў, каворкінгаў), праекты па папулярызацыі гісторыі родных мясцінаў, нечаканыя погляды на арганізацыю гарадской прасторы, экалагічныя акцыі і г.д. – па сутнасці ўсё, чаго ў вашым горадзе яшчэ няма, але запатрабаванасць ужо наспела. Чым больш шырокія грамадскія колы ахоплівае ваш праект, тым лепш.
Кожны можа сам зрабіць нешта, каб жыць цікава – такім прынцыпам кіраваліся арганізатары конкурса, вырашыўшы звярнуцца па ідэі наўпрост да жыхароў краіны.
Таму апішыце свой праект (з указаннем аўтараў, тлумачэннем сутнасці ідэі і яе ўнікальнасці, пералічэннем неабходных рэсурсаў) і дасылайце на скрыню: razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс праектаў” да 15 мая 2013 года. Вынікі конкурса будуць абвешчаныя 31 мая на сайце budzma.org
Аляксандра Дорская
Інфармацыя пра конкурс: http://budzma.org/budzma/kampaniya-budzma-belarusami-abvyashchae-konkurs-kulturnickix-praektau.html