Калі агулам і папросту – цырымонія прайшла як мае быць! У адрозненні ад многіх бла-бла-мерапрыемстваў, гэта было вельмі цёплым, добрым і людзі шчыра гаварылі, шчыра смяяліся.
Як вядома, «Цэнтр «Трэці сектар» праводзіў конкурс лепшых грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны. Усё сур’ёзна і на ўзроўні: сем намінацый, прафесійнае журы, вартыя ўдзельнікі. Патрэбна сказаць, што ў параўнанні з пазамінулым годам конкурс значна пашырыў свае межы. Бо ў 2011 заяўкі маглі падаваць толькі інтэрнэт-рэсурсы і інтэрнэт-кампаніі. На гэты ж раз конкурс прыцягнуў не толькі інтэрнэт-рэсурсы, але і праекты, якія тычацца дабрачыннасці, экалогіі, культуры, гісторыі, валанцёрства і г.д.
Сярод членаў журы – аўтарытэтныя эксперты з Беларусі, Украіны, Расіі і Літвы. Праўда, непасрэдна цырымонію ўзнагароджванняў змагла наведаць толькі адна прадстаўніца – Іаланта Рамановіч, каардынатар Орхускага цэнтра Гародні, які дзейнічае ў рамках сумеснага праекта ЕЗ/ПРААН. Сярод астатніх членаў журы – Ірына Міронава з Украіны, чалец некамерцыйнай арганізацыі Green Drinks International; Анна Галубовска-Анісімава, якая працуе ва ўкраінскіх НДА ў сферы экалогіі; Ірына Сухій, старшыня Савета грамадскага аб’яднання “Экадом”, што ў Менску. У намінацыі “Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны” вынікі падводзілі Алесь Госцеў, гарадзенскі гісторык, краязнавец; Алесь Краўцэвіч, гісторык, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства; Антон Астаповіч, гісторык-этнолаг, культуролаг. Такім чынам, у кожнай з намінацый былі свае суддзі і іх было даволі шмат.
Лепшыя адбіраліся не толькі спецыялістамі, але і па версіі інтэрнэт-галасавання. Так, працяглы час удзельнікі маглі збіраць галасы і каментары.
На цырымоніі ўзнагароджвання ўсе ўдзельнікі, а гэта не толькі жыхары непасрэдна Гародні, але і госці з Ліды, Ваўкавыска, распавядалі крыху пра свой праект, рабілі невялічкія рэкламы. Тыя, хто перамог па версіі прафесійнага журы, атрымалі крутыя планшэты або электронныя кнігі. Астатнія ўдзельнікі таксама атрымалі падарункі і дыпломы.
Мажліва, складана адзначыць усё тое цікавае і адметнае, што было, бо было такога па праўдзе шмат. Але каго-каго, а ўвагай Юлю Каляду прамінуць немажліва. Кіраўніца многіх праектаў, каардынатарка і, напэўна, проста ідэйная дзяўчына, выходзіла на так званую сцэну каля дзясяці разоў=) Яна з сябрамі, аднадумцамі прэзентавалі шмат праетаў у розных намінацыях. Маладыя людзі накіроўваюць сваю дзейнасць супраць вырубкі дрэваў, асушкі балотаў, ладзяць акцыі па прыборцы смецця і г.д.
Цырымонія цягнулася амаль тры гадзіны, а напрыканцы прысутных парадавалі добра вядомыя “Людзі на балоце”. Алесь адзначыў, што ўжо працяглы час гурт супрацоўнічае і з “Трэцім сектрам”, “Тваім стылем”. Між іншым, удзельнікі гурту таксама бяруць удзел у розных, пераважна экалагічных акцыях.
Нагадаем, наш “LO_ok” таксама прымаў удзел у намінацыі “Лепшы творчы праект”. “Луку” не далі дыплома і падарункаў, “Лук” не стаў лепшым па версіі журы, але “Лук” не крыўдуе і будзе расці вышэй, мацней, бо наперадзе процьма конкурсаў, у якіх яшчэ будзе мажлівасць прыняць удзел і паказаць, колькі людзей прымушае плакаць “Лук”=)
Дзякуй арганізатарам, дзякуй удзельнікам, дзякуй журы і да сустрэчы ў наступным конкурсе;)
Добры Хатнік