Часцей за ўсё, калі ідзеш па прыгожым вуліцам Гародні (ды і любога горада ўвогуле), бачыш заклапочаныя, сумныя, патухлыя твары мінакоў. Зараз, у паўсядзённым жыцці і бясконцым шматлюддзі, не так многа выпадкаў і сітуацый, якія прымушаюць ўсміхнуцца, могуць ўзняць настрой, акрыліць і дапамагаюць паверыць, што ёсць сапраўдная дабрыня і шчырасць. Хаця ўсё ж бывае і такое…
…Упершыню гэта здарылася, калі я без настрою і, як кажуць, з “ўсеагульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця”, чакала, пакуль з тралейбуса, што толькі-толькі пад’ехаў, выйдуць людзі, і я змагу заняць сваё месца і адправіцца ў недалёкую дарогу па патрэбнаму маршруту… Пачала даставаць з кішэні квіток, крыху замарудзіўшы, і праз секунды заўважыла сталую жанчыну, якая выходзіла і працягвала мне свой, ужо прабіты, квіток са спагадлівым “патрэбен?”. Секунды я не магла сцяміць да чаго гэта, а потым зразумела…і ўсміхнулася… Настолькі мяне ўразіла, захапіла такая дагэтуль мне невядомая “фішка з квіткамі”! Як аказалася, гэтая з’ява даволі-такі разпаўсюджаная і заўсёды выклікае ўсмешку і замілаванне. Чаму б, выходзячы з аўтобуса, не перадаць ўжо больш непатрэбны квіток чалавеку, што заходзіць, альбо пакінуць яго на сядзенні? Напэўна, нездарма кажуць, што ўсё вяртаецца… Рабі дабро — і тое ж ты атрымаеш узамен. Дапамажы аднойчы — і гэта вернецца ў разы больш.