7 лістапада прайшлося па ўсёй Беларусі, па ўсіх гарадах, а мазырская рэдакцыя прайшлася па Мазыру. Пераменнае надвор’е, азадачаныя мінакі і адзінокі помнік Леніну на цэнтральнай плошчы – так “свята рэвалюцыі” адбылося тут. Гэтым бы ўсё і скончылася, калі б не нечаканы дождж, які вымусіў нас трапіць на выставу-кірмаш “Скарб Усходу”. Вось тут адбывалася сапраўдная рэвалюцыя. Моладзь, працоўны клас і сталыя людзі зрабіліся адным натоўпам, які знішчаў усё сваімі вачыма і спрабаваў адваяваць хоць якія-небудзь зніжкі. Усемагчымы тавар, як і самі гандляры, быў розны: адзенне ад пакістанцаў, спецыі ад індыйцаў, саляныя ліхтарыкі ад туркаў і інш. Быцццам бы прывід, нечакана, з’яўлялася студэнтка-танцорка (нам так і не атрымоўвалася яе сфатаграфаваць), вабіла сваім усходнім танцам і хутка знікала. І, чамусці, ў гэтым інтэрнацыянальным натоўпе адчувалася нейкая святасць. Сваім “лукаўскім” зрокам мы выцапілі гандляроў і задалі ім некалькі пытанняў:
- Што Вы думаеце пра пакупнікоў нашага горада?
– У Беларусі самыя ветлівыя і культурныя людзі адносна тых краін, дзе мы працуем (як мы высвятлілі пазней, ён працуе ў краінах СНД, а кампанія знаходзіцца ў Маскве). Мне падабаецца тут. Не ведаю, што вы думаеце пра сваю краіну і пра свайго прэзідэнта, але мы думаем трохі па-іншаму. Нам здаецца, што ў вас больш парадку. У Расіі, напрыклад, там два гарады – Масква і Піцер. У Беларусі не так. Мы праязджалі нават маленькія гарады і вёскі, усё адно – прыгажосць, людзі па-іншаму паводзяць сябе, у добрым сэнсе.
Яшчэ адзначу больш добрае стаўленне ўладаў да нас. Калі я працую ў Беларусі, мне прыемна плаціць падаткі, таму што ў Маскве цяжка размаўляць з прадстаўнікамі ўладаў. У іх зусім іншае стаўленне да нас. Я вельмі жадаю працаваць у Менску.
- У шмат якіх гарадах Беларусі вы ўжо былі?
– Я месяц у Беларусі і ўжо быў у 10 гарадах.
- Усходні гандаль характэрны тым, што можна дамовіцца з гандлярамі, а як вы ставіцеся да зніжак?
– Людзі звыкліся, што калі мы прыехалі, то з намі можна гандлявацца. Таму што гэта наша культура – у нас усё робіцца з душой. Мы жадаем, каб чалавек купляў наш тавар і быў шчаслівы.
- Калі я цяпер запытаю вас прадаць мне гэту рэч не за 240, а за 220 тысяч, вы мне саступіце?
– Калі хтосьці просіць скінуць кошт, я магу зрабіць зніжку тысяч 10, а калі моцна просіць, і я бачу, што чалавек адчувае сапраўдную патрэбу, то магу і 20, але гэта ўжо залежыць ад майго меркавання, бачання сітуацыі. Напрыклад, часам якая бабуля падыйдзе і просіць прадаць танней, і я не магу ёй адмовіць, таму што бачу, што ў яе насамрэч няма больш грошай, тады я зраблю зніжку.
Затым мы падышлі да іншага гандляра з Пакістану і пачалі гутарку з ім. Калі мы распытвалі пра спецыфіку працы ў Беларусі, ён чамусьці насцярожана спытаў з якой мы газеты. А затым паўтарыў тое ж стаўленне да зніжак і бабуль, што і папярэдні. Але распавёў яшчэ адну цікавую гісторыю, якая адбылася ў Гомелі:
– Я каліў бачыў, што цяжарная жанчына просіць у мяне зніжку, я ёй сам кажу: “За колькі ты жадаеш гэта набыць”, – а яна кажа: “Бясплатна”. Тады я пытаю: “Які па ліку дзіця, другі ці трэці” – “А якая розніца?” – “Калі другі, то зніжка 50%, а калі трэці, то бясплатна”. Яна мне паказала дакумент, што дзіця трэці, і я аддаў ёй тавар бясплатна. Так трэба рабіць, так Бог жадае… (як мы потым высвятлілі, гэты пакістанец прадстаўнік другой па колькасці рэлігійнай групы сваей краіны – ён хрысціянін).
Усход і сапраўды справа тонкая. Пасля размовы з гандлярамі, хочацца адзначыць, што яны ветлівыя (ніхто нам не адказаў у размове), ў іх вельмі добрыя вочы, і на кожную ўсмешку яны адказвалі больш шчырай усмешкай. А мы, набыўшы спецыі і добры настрой, выйшлі ў шэры даждлівы горад.
І яшчэ. Есць прапанова! Калі Вы, наш чытач, жадаеце задаць нейкае пытанне гандлярам, то пакідайце яго ў камэнтах да артыкулу, а мы зробім гэта за Вас, калі паспеем:) Каб мы паспелі, рабіце гэта хучэй, бо выстава скора скончыцца.
Круто ж)
У нас (Гродно) тоже выставки бывают. Там еще студенты подрабатывают, за 3- 4 дня можно заработать сумму, равную степендии за два месяца)
Да, и там подрабатывали девчонки.